Пра мастака

Мiколай Таранда

Мікалай Іванавіч Таранда — жывапісец і графік, член Беларускага саюза мастакоў. Нарадзіўся 15 жніўня 1947 г. у вёсцы Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута (1965–1970 гг.).

Кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва Палаца культуры завода «Чырвоны Кастрычнік» у Оршы, займаў пасаду начальніка бюро прамысловай эстэтыкі (1970–1994 гг.). У 1984–1985 гг. удзельнічаў у распрацоўцы і стварэнні помніка жыхарам горада Барані, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

І ў студэнцкія гады, і пасля заканчэння інстытута Мікалай Таранда шмат часу прысвячаў самаадукацыі, працы ў майстэрні і на пленэры. У творчых паездках (у тым ліку сумесных з настаўнікам Алегам Арловым) на Палессе, у Літву, па Купалаўскіх мясцінах, у Крым, Уладзімір, Суздаль мастак удасканальваў уласны стыль у жывапісе. Паездкі ў Дом творчасці «Сенеж» (у 1977 і 1983 гг.) дапамаглі рэалізаваць талент графіка, засвоіць новыя тэхнікі.

Першая персанальная выстава адбылася ў 1973 г. у Оршы. Прыняты ў Саюз мастакоў СССР у 1989 г.

З 1994 г. цалкам прысвячае сябе творчасці. Персанальныя і калектыўныя выставы праходзяць у Палацы мастацтваў, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, Касцёле св. Сымоны і Алены (Мінск), у выставачных залах Віцебска, Полацка, Оршы, а таксама ў Вязьме і Смаленску. Удзел у міжнародных пленэрах жывапісу ў горадзе Пернік (Балгарыя) у 1999 і 2004 гг. натхніў мастака на стварэнне серый фармальных работ.

Мікалай Таранда — актыўны ўдзельнік рэспубліканскіх і міжнародных пленэраў і майстар-класаў, суарганізатар міжнароднага арт-праекта «Калегіум» у Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі (2009–2016 гг.). З 2010 г. стала супрацоўнічае з творчым аб’яднаннем «Традыцыя» Беларускага саюза мастакоў.

Жыве і працуе ў горадзе Баранi.


Работы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (Мінск), Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Мастацкай галерэі Палаца мастацтваў горада Пернік (Балгарыя), Смаленскім дзяржаўным інстытуце мастацтваў (Расія), Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі, Аршанскім музеі гісторыі і культуры горада, Мастацкай галерэі Полацка, у прыватных калекцыях у Беларусі, Балгарыі, Германіі, Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі, ЗША.